Арганізацыя адукацыйнага працэссу на беларускай мове                                                                                                                                                                               
У адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі мову навучання і выхавання ва ўстанове адукацыі вызначае яе заснавальнік, а права грамадзян на выбар мовы навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў дашкольнай адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, што дазваляе забяспечваць станаўленне цэласнай асобы выхаванца, яго развіццё шляхам інтэграцыі ў дзве роднасныя культуры сродкамі беларускай і рускай моў.
З улікам пажаданняў бацькоў (законных прадстаўнікоў) непаўналетніх установы дашкольнай адукацыі фарміруюць групы, якія арганізуюць адукацыйны працэс як на рускай, так і на беларускай мове.
Адукацыйны працэс у групах з беларускай мовай навучання арганізуецца на беларускай мове. Выключэнне складаюць гадзіны, адведзеныя на вывучэнне адукацыйнай вобласці «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін» вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
Пры адсутнасці дастатковай колькасці дзяцей для фарміравання асобнай групы ў дашкольнай установе адукацыі ствараюцца неабходныя ўмовы для атрымання адукацыі на беларускай мове. Так ва ўстановах дашкольнай адукацыі Міёрскага раёну з асноўнай рускай мовай навучання   праводзяцца Дні беларускай мовы, беларускія народныя святы, шырока выкарыстоўваюцца творы беларускага народнага фальклору, прывіваюцца народныя традыцыі. У ДУА “Дзісненскі дзіцячы сад Міёрскага раёну” створаны міні-музей “Беларуская хатка”, дзе праводзяцца тэматычныя заняткі.