Прыемны адпачынак
Прапіска маладосці - у душы

Ветэраны педагагічнай працы раёна адзначылі прафесійнае свята разам з міёрскім клубам “Бажэна”.

Працавалі ў розных школах, выкладалі розныя прадметы, некаторыя нават не знаёмы, але на святочным агеньчыку з нагоды Дня настаўніка адчувалі сябе нібы адна дружная сям’я. Прыгадвалі школьныя будні, дзяліліся сакрэтамі аптымізму, разам спявалі і спаборнічалі ў конкурсах.

МЕСЦА святочнай сустрэчы - тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. З Днём настаўніка павіншавала гасцей дырэктар установы Алена Шамёнак. Заставацца актыўнымі і часцей нагадваць пра сябе раіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Фёдарава. Вершаванае прывітанне падрыхтавалі школьнікі.
Прыемны сюрпрыз чакаў былую настаўніцу пачатковых класаў СШ №2 Антаніну Чаславаўну Якусік. У пачатку кастрычніка разам з прафесійным святам яна адзначае дзень нараджэння. Павіншаваць любімую матулю і мудрую настаўніцу прыйшлі дарослыя дочкі.
ПРАХОДЗІЛА мерапрыемства пад назвай “Эліксір маладосці”. Удзельнікам прапанавалі падзяліцца сваімі жыццёвымі дэвізамі і перакананнямі.
-- Мне яшчэ толькі восемдзесят год, -- заўважае Фаіна Васільеўна Варона з Папшулёў. - Трэба жыць, каб рабіць дабро, і радавацца кожнаму дню.
Лідзіі Пракопаўне Чабор з Дзісны -- семдзесят пяць. За плячыма пяцьдзясят год педагагічнага стажу, з якіх дваццаць дзевяць аддала Дзісенскай школе-інтэрнату.
-- Вельмі любіла сваю работу і не ведала, дзе яна заканчваецца, -- гаворыць педагог.
Нямала ветэранаў педагагічнай працы сярод удзельнікаў клуба “Бажэна”. Напрыклад, Рэгіна Васільеўна Аланцьева адпрацавала ў дзіцячым садку 36 год. Такі ж стаж у былога выхавацеля Ліры Кірылаўны Кураш, якая працягвае працаваць у цэнтры карэкцыйна развівальнага навучання і рэабілітацыі.
Любоў да сваёй справы, разуменне яе значнасці, удзячнасць вучняў і бацькоў і цяпер сілкуюць педагогаў-ветэранаў энергіяй і цеплынёй. У іх вачах па-ранейшаму гараць агеньчыкі дабрыні. Як заўважыла былая настаўніца замежнай мовы СШ №2 Іна Генадзьеўна Какорыч, у душы ўсе застаюцца маладымі.
ДЛЯ сумеснага адпачынку ў клубе “Бажэна” запасліся песнямі і конкурсамі. Усе разам спявалі, удзельнічалі ў вясёлых забавах. А яшчэ дэгуставалі пачастункі, прыгатаваныя настаўнікамі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Больше фото