Творчая сустрэча з пісьменніцамі Аленай Масла і Наталляй Бучынскай, мастачкай Аксанай Аракчэевай
14 верасня ў межах «Мілашоўска-Мілашаўскіх чытанняў-2019” адбылася творчая сустрэча вучняў ДУА “Міёрская сярэдняя школа №3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Томкі” з пісьменніцамі Аленай Масла і Наталляй Бучынскай, з мастачкай Аксанай Аракчэевай. Падчас сустрэчы былі прэзентаваны новая кніга Алены Масла з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” “Барыс Аракчэеў. Бэз малюецца на шчасце” (2019) і кніга “Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі” (мастак Аксана Аракчэева, выдавецтва “Пачатковая школа”, 2019), уганараваная Міжнароднай прэміяй Віталя Біянкі, а таксама кніга дзіцячай пісьменніцы Наталлі Бучынскай “Прынцэса Алівія і жабіны вочкі” (выдавецтва “Беларусь”, 2019).
У дар музеям ДУА “Міёрская сярэдняя школа №3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Томкі” пісьменніцамі-зямлячкамі перададзены кнігі і карціны з пленэра на Міёршчыне.
У гэты ж дзень у візіт-цэнтры заказніка “Ельня” была наладжана сустрэча з пісьменнікамі і для вучняў малодшых класаў ДУА “Міёрская сярэдняя школа №2”. Дзеці пазнаёміліся з кнігамі, аўтарамі і мастаком, паглядзелі новы мультыплікацыйны фільм “Лагодны воўк”, які прызнаны лепшым анімацыйным фільмам на Міжнародным кінафестывалі “Лістапад-2018”.