Натхнёны Бацькаўшчынай
21 лютага дзяржаўная ўстанова адукацыі "Новапагосцкая сярэдняя школа" святкавала прысваенне школе імя народнага артыста Савецкага Саюза Генадзя Іванавіча Цітовіча. З гэтай нагоды на ўрачыстасць сабралася шмат гасцей. Акрамя мясцовых жыхароў, завіталі: Ігар Пятровіч Сергеенка - ганаровы выпускнік школы, залаты медаліст, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; У.У.Цярэнцьеў - старшыня абласнога Савета дэпутатаў; У.С.Мацвееў – член Савета Рэспублікі, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Міёрскай выбарчай акрузе №15, генеральны дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд”; Д.Л.Хома – начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта; І.В.Кузняцоў – старшыня Міёрскага раённага выканаўчага камітэта; В.А.Драба – старшыня Міёрскага раённага Савета дэпутатаў; А.І.Жук – начальнік раённага аддзела па адукацыі Міёрскага райвыканкама; М.В.Лагутка – дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, а таксама артысты гэтага вядомага калектыву; дачка Г.І.Цітовіча балерына Святлана Генадзеўна Цітовіч. Хлебам-соллю сустракала школа дарагіх гасцей. Сімвалічна, што ўрачыстасць праходзіла ў Дзень роднай мовы, бо беларускую мову, беларускую песню так шчыра палюбіў Генадзь Іванавіч з маленства. І гэтую любоў ён пранёс праз усё сваё жыццё. Спачатку госці наведалі музей імя Г.І.Цітовіча, прайшліся па класах і школьных калідорах. А потым накіраваліся ў актавую залу, дзе вучні славілі Генадзя Іванавіча са сцэны вершамі і песнямі. Хвіліны асалоды таксама даставілі гледачам і артысты Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. І вось настаў самы ўрачысты момант. Усе выйшлі ў школьны двор. Гонар адкрыць памятную дошку народнага артыста Савецкага Саюза выпаў Святлане Генадзеўне Цітовіч і дырэктару ўстановы адукацыі Вользе Вайцехаўне Усціновіч. Сустрэча завяршылася. Але застаецца памяць, пачуццё ўдзячнасці за тое, што маладому пакаленню ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад.